КУРС ЛЕКЦИЙ

Лекцыйныя заняткi № 8
Методыка вывучэння сінтаксісу і пунктуацыі
ў пачатковых класах

1. Задачы вывучэння сінтаксісу i пунктуацыi. Прыватнаметадычныя прынцыпы вывучэння сінтаксісу і пунктуацыі

2. Задачы і змест вывучэння раздзела “Сказ”

3. Методыка фармiравання ў вучняў асноўных сiнтаксiчных паняццяў

4. Метады і прыёмы вывучэння сінтаксісу і пунктуацыі


 

1. Задачы вывучэння сінтаксісу i пунктуацыi. Прыватнаметадычныя прынцыпы вывучэння сінтаксісу і пунктуацыі.

Задачы вывучэння сінтаксісу i пунктуацы i зводзяцца да наступнага:

– забяспечыць засваенне ведаў пра сінтаксічныя адзінкі мовы;

– навучыць малодшых школьнiкаў прытрымлівацца сінтаксічных нормаў беларускай мовы;

– узбагаціць сінтаксічны лад мовы вучняў рознымі сінтаксічнымі канструкцыямі;

– фарміраваць навыкі выразнага чытання, інтанацыйнага афармлення сказа.

Вывучэнне сінтаксісу і пунктуацыі ў пачатковых класах абапірацца на наступныя прыватнаметадычныя прынцыпы:

– iнтанацыйны прынцып, сутнасць якога заключаецца ў супастаўленні структуры і інтанацыі;

– марфолага-сінтаксічны прынцып, сутнасць якога заключаецца ў супастаўленні члена сказа і часціны мовы;

– сэнсавы прынцып, сутнасць якога ў тым, што пастаноўка знакаў прыпынку абапіраецца на сэнс выказвання, якi перадаецца ў сказе, паколькі знакі прыпынку ажыццяўляюць падзел тэксту на часткі, якія маюць значэнне для выражэння думкі на пісьме;

– прынцып навучання пунктуацыі ва ўзаемасувязі з сінтаксісам абумоўлены прыродай пунктуацыі: “Большасць правіл нашай пунктуацыі мае граматычнае (сінтаксічнае) тлумачэнне і апісваецца з дапамогай сінтаксічных тэрмінаў і азначэнняў” Вось чаму так важна пры навучанні пунктуацыі працаваць па схеме трыяды “правіла – дзеянні па яго выкарыстаннi – практыкаванні для трэніроўкі”.

2. Задачы і змест вывучэння раздзела “Сказ”. Тэма “Сказ” пачынае вывучацца ў 2 класе пасля тэмы “Тэкст”. Спачатку вучні атрымліваюць агульнае паняцце пра сказ як пра структурны элемент тэксту. Па малюнку другакласнікі вызначаюць падзеі і з’явы, аб’яднаныя тэматычна. Пасля гэтага гавораць пра кожную з’яву і прадмет, выкарыстоўваючы сказы. На першых уроках вучні:

– выпісваюць сказы з тэксту па пытанні;

– складаюць сказы са слоў;

– выказваюцца пра прадмет, выкарыстоўваючы прапанаваныя словы.

На аснове абагульненняў вучні прыходзяць да наступных вывадаў:

– у кожным сказе пра нешта гаворыцца;

– усе сказы аб’яднаны тэмай выказвання;

– сказ можна вычленіць з тэксту як яго частку.

Важнейшы вывад: сказ з’яўляецца элементам тэксту.

Пасля гэтага разглядаецца сэнсавая і інтанацыйная завершанасць сказа. Паралельна вывучаюцца знакі прыпынку ў канцы сказа (кропка, пытальнік, клічнік), а таксама даецца разуменне аб напісанні першага слова з вялікай літары.

Вучнi атрымліваюць уяўленне пра тое, што словы ў сказе звязаны па сэнсе і па форме (па пытаннях). Напрыклад: хітрая ліса. шэры воўк, а не: хітры воўк, шэрая ліса ці хітры ліса, шэрая воўк.

У 3 класе веды вучняў пра сказ значна пашыраюцца. Спачатку разглядаюцца віды сказаў па мэце выказвання:

– паведамленне пра нешта: На зямлю апускаецца змрок;

– пытанне: Якое заўтра будзе надвор’е?

– пабуджэнне да дзеяння: Кладзіцеся спаць, дзеці!

Вызначаюцца адносіны да выказвання:

– паведамленне трэба запомніць;

– на пытанне трэба адказаць;

– просьбу трэба выканаць ці тактоўна і аргументавана паведаміць пра немагчымасць яе выканання.

Далей уводзіцца паняцце клічны сказ як сказ, у якім выражаецца заклік або моцнае пачуццё. Такія сказы, паводле існуючых падручнікаў, вымаўляюцца з павышанай інтанацыяй. (Тэрмін “няклічныя сказы” ў пачатковых класах не выкарыстоўваецца.)

Варта заўважыць, што досыць часта малодшыя школьнікі недакладна засвойваюць паняцці “клічны сказ” і “пабуджальны сказ”, праводзячы паміж імі знак роўнасці. Трэба пераканаць вучняў, што клічнымі могуць быць і апавядальныя, і пабуджальныя, і пытальныя сказы (Які прыгожы сад! Расціце здаровыя! Чаму вы спазніліся?!).

Трэба сказаць, што вучням пачатковых класаў цяжка даецца разуменне такіх паняццяў, як моцнае пачуццё, павышаная інтанацыя. Часта яны суадносяць названыя паняцці са словам “гучнасць”. Гэта адбываецца таму, што настаўнік мала ўвагі надае практычнаму выкарыстанню клічных сказаў у пісьмовым і вусным маўленнi. Клічныя сказы маюць розную інтанацыю.

Слушную параду наконт таго, як не памыліцца пры пастаноўцы знакаў прыпынку, дае вядомы вучоны і метадыст Шалва Аманашвілі. Спачатку яго вучні запісваюць сказ без знакаў прыпынку ў канцы. Напрыклад: Кажан выдатна бачыць ноччу. Вучням прапануецца паведаміць пра гэта адзін аднаму, здзівіцца, запытацца. Настаўнік паказвае, як абазначыць просьбу, паведамленне, здзіўленне. У выніку робіцца вывад: у канцы сказа ставіцца той знак прыпынку, які ты хочаш паставіць.

3. Методыка фармiравання ў вучняў асноўных сiнтаксiчных паняццяў

Вывучэнне галоўных і даданых членаў сказа. Адна з асноўных тэм у 2 класе – “Галоўныя члены сказа”. У другакласнікаў паступова фарміруецца вобразнае ўяўленне граматычнай асновы (граматычнага ядра) сказа: “Тата і мама – аснова сям’і”, “Апоры (быкі) – аснова маста”.

Абагульняюцца прыметы асновы: словы, якія складаюць аснову сказа, адказваюць на пытанні пра каго (пра што) гаворыцца? і што гаворыцца?

Вызначыць аснову сказа дапамагаюць наступныя практыкаванні:

– знаходжанне асновы па пытаннях (Хто выступае ў тэатры?);

– складанне сказаў пра канкрэтны прадмет ці з’яву (Складзіце сказ пра сонейка);

– падбор па сэнсе элемента асновы, якога не хапае (Галодны воўк … па лесе).

.У 3 класе даецца паняцце пра галоўныя члены сказа, уводзяцца тэрміны “дзейнік”, “выказнік”, “даданыя члены сказа”. Трэба растлумачыць, што дзейнік – гэта прадмет, які ўтварае дзеянне. Ад яго можна паставіць пытанне што робіць? (што рабіў? што будзе рабіць?) Калі ж гэтае пытанне паставіць нельга, значыць, мы маем справу не з дзейнікам. Граматычны дзейнік можна зблытаць з псіхалагічным суб’ектам думкі. Не заўсёды вучні могуць сказаць, пра каго, пра што гаворыцца і што гаворыцца. Напрыклад, пры аналізе сказа “Весела адпачывалі дзеці ў лагеры” на пытанне “Пра што гаворыцца ў гэтым сказе?” вучні могуць адказаць: “У сказе гаворыцца пра лагер ”. А на пытанне “Што гаворыцца?” даюць адказ“Было васела”.

Некаторы час у методыцы прапаноўваўся наступны алгарытм вызначэння дзейніка і выказніка: а) знайдзі дзеяслоў і падкрэслі яго дзвюма рыскамі – гэта будзе выказнік; б) ад яго пастаў пытанне хто? або што? – гэта будзе дзейнік, падкрэслі яго адной рыскай. Такі спосаб, нягледзячы на яго прастату, нельга назваць навукова дакладным. Дзеці атаясамляюць члены сказа і часціны мовы. Да таго ж падобным спосабам можна вызначыць дзейнік і выказнік далёка не ва ўсіх сказах, напрыклад: Вецер гоніць хвалі.

У заключэнне звернем увагу на тое, што для аналізу не варта браць аднатыпныя сказы, у якіх дзейнік стаіць перад выказнікам, і сказы, у якіх дзейнік і выказнік аддзелены значнай колькасцю даданых членаў.

Вывучэнне словазлучэння. Пасля таго як вучні авалодалі ўменнем выдзяляць аснову сказа, яны даведваюцца, што галоўныя члены сказа разам са словамі, якія іх паясняюць, утвараюць словазлучэнні. У моўнай практыцы словазлучэнне выкарыстоўваецца толькі праз сказ. Вучні працуюць над словазлучэннем як у складзе сказа, так і складаюць асобныя, ізаляваныя словазлучэнні, якія пасля можна ўвесці ў сказ. Гэта значыць, што практыкаванні могуць быць як аналітычнымі, так і сінтэтычнымі. Абодва віды практыкаванняў выкарыстоўваюцца паралельна.

Пры складанні словазлучэнняў найбольш памылак вучні дапускаюць у дапасаванні і кіраванні. Таму карысна, каб у класе на бачным месцы знаходзіўся слоўнік словазлучэнняў (пайсці па ваду, дзякаваць сябру, смачныя маліны і інш.).

Асноўныя практыкаванні і заданні:

– пастаўце пытанні ад галоўных слоў да залежных;

– выпішыце словазлучэнні;

– пакажыце сувязь слоў схематычна;

– растлумачце, што абазначае дадзенае словазлучэнне (калі гэта фразеалагізм);

– складзіце словазлучэнні з новымі словамі, што сустрэліся ў тэксце (гэта адносіцца ў першую чаргу да слоўнікавых слоў);

– складзіце словазлучэнне па зададзеных мадэлях (назоўнік + прыметнік; дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік і інш.).

Уменне бачыць сувязь слоў у словазлучэннях вельмі важнае, бо забяспечвае правільнае вызначэнне склонаў назоўніка і членаў сказа.

Уменне вызначаць сувязь слоў у сказе выпрацоўваецца паступова, а пачынаецца з 1-га класа. Спачатку вучні ставяць пытанні ад дзейніка да выказніка, пасля – ад галоўных членаў сказа да даданых.

Вучні павінны засвоіць, што:

– словы ў сказах звязаны парамі, прычым неабавязкова словы, якія ўтвараюць пару, стаяць побач;

– пытанні ставяцца ад галоўнага слова да залежнага;

– паралельна могуць выкарыстоўвацца сэнсавыя і склонавыя пытанні.

Фарміраванню ўмення знаходзіць сувязь слоў у сказе дапамагае графічнае мадэляванне. Каб стрэлкі не перасякаліся, словы сказа запісваюць у слупок.

На лясных

палянах

з’явіліся

першыя

пралескі.

Стрэлкі можна правесці як з правага, так і з левага боку.

Вывучэнне аднародных членаў сказа. Аднародныя члены сказа вывучаюцца ў 4 класе. Можна пачаць з назірання над тэкстам, у якім сустракаюцца аднародныя дзейнікі, выказнікі і іншыя члены сказа.

Восень. Бярозы, клёны і ліпы губляюць лісце. Збіраюцца ў чароды, кружаць над палеткамі, развітваюцца з роднымі мясцінамі птушкі. Гучыць удалечы невясёлая, журботная песня журавоў.

Выразна чытаючы сказы, чацвёртакласнікі найперш перадаюць голасам інтанацыю пералічэння. Вучні знаходзяць галоўныя і даданыя члены і пераконваюцца, што ў першым сказе тры дзейнікі пры адным выказніку, у другім – наадварот. У трэцім – два даданыя члены паясняюць дзейнік. У кожным з трох выпадкаў гэтыя члены сказа падкрэсліваюцца. Настаўнік паведамляе, што яны называюцца аднароднымі.

Шляхам далейшага разбору ўстанаўліваецца, што аднародныя члены сказа адказваюць на адно і тое ж пытанне і залежаць (акрамя аднародных дзейнікаў) ад аднаго і таго ж слова. Гэта можна яшчэ раз праілюстраваць, выпісаўшы ў слупок аднародныя члены сказа разам са словамі, ад якіх яны залежаць, з пытаннямі. Робяцца вывады:

– члены сказа, якія вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння, адказваюць на адно і тое ж пытанне і адносяцца да аднаго і таго ж слова, называюцца аднароднымі;

– аднароднымі бываюць дзейнік, выказнік і даданыя члены сказа;

– паміж аднароднымі членамі сказа, калі яны не звязаны злучнікамі, ставіцца коска.

У цяперашніх падручніках кожная з груп аднародных членаў сказа вывучаецца асобна. Разглядаецца таксама злучнік і ў выпадку, калі ён спалучае два аднародныя члены, а таксама супраціўныя злучнікі а, але. Думаецца, што функцыю злучніка ды настаўнік таксама можа раскрыць, хоць гэта і не прадугледжана праграмай.

Пры замацаванні матэрыялу галоўную ўвагу трэба звярнуць на ўменне выдзяляць голасам аднародныя члены сказа і знаходзіць слова, да якога яны адносяцца.

Да нядаўняга часу ў пачатковых класах вывучаліся складаныя сказы – без падзелу на віды. У сучасных праграмах гэта не прадугледжана, між тым настаўнік можа прапаноўваць вучням практыкаванні на аб’яднанне некалькіх простых сказаў у адзін сказ або ў сказ з аднароднымі членамі. Карыснымі будуць і адваротныя заданні.

4. Метады і прыёмы вывучэння сінтаксісу і пунктуацыі. Пры вывучэнні элементаў сінтаксісу і пуктуацыі ў пачатковых класах выкарыстоўваюцца слова настаўнiка, эўрыстычная гутарка, назiраннi i моўны аналіз (сінтаксічны і пунктуацыйны аналіз сказа), моўнае канструяванне (утварэнне словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў розных тыпаў), самастойная праца вучняў, камунікатыўныя метады, метад практыкаванняў, сiнтаксiчны разбор i iнш.

У працэсе вывучэння сінтаксісу і пунктуацыі ў пачатковых класах шырока выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: аналіз, сінтэз, параўнанне, замена, групоўка і абагульненне, алгарытмізацыя.

Сярод сінтаксічных і пунктуацыйных практыкаванняў найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца знаходжанне ў сказе галоўных і даданых членаў, выпісванне са сказаў даданых членаў са словамі, ад якіх яны залежаць, распаўсюджванне сказаў, канструяванне сказаў з дадзеных слоў, размежаванне сінтаксічных канструкцый розных відаў, вызначэнне структуры прапанаванай сінтаксічнай канструкцыі, складанне схем сказаў, складанне сказаў па схемах, устанаўленне адпаведнасці схем і сінтаксічных канструкцый, складанне сказаў указанага тыпу і правільнае афармленне іх на пісьме, складанне словазлучэнняў і сказаў па аналогіі з прапанаванымi; выразнае чытанне сказаў, тлумачэнне пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказе, спісванне, навучальныя дыктанты розных відаў.

Пры правядзенні сінтаксічнага разбору ў комплексе рэалізуюцца моўныя ўменні, сфармiраваныя ў малодшых школьнікаў пры вывучэнні сказа. Сінтаксічны разбор праводзiцца ў два этапы: 1) камунікатыўная характарыстыка сказа: па мэце выказвання, па эмацыйнай афарбоўцы, 2) разбор па членах сказа